Бо сэнс жыцця – народа вера векавая.
У Год гістарычнай памяці восеньскім днём вучні ДУА “Сароцкая сярэдняя школа Любанскага раёна” накіраваліся ў вандроўку па Любаншчыне. У вёсцы Шыпілавічы мы ўзгадалі імя слыннага сына нашага краю, этнографа Паўла Шпілеўскага, які адкрыў у сваіх творах народам Еўропы звычкі, традыцыі, самабытную культуру беларусаў.
Далей на шляху – указальнік на вёску Ляхаўка. Вучні ўважліва слухаюць аповед пра партызанскі рух у нашым краі. У гэтых мясцінах базіраваліся партызанскія атрады імя Неўскага, імя Сільніцкага, імя Гарбачова, імя Кутузава, атрад “Камсамолец” – камандзір Аляксандр Шаўцоў (у пачатку вайны член нежынскай патрыятычнай групы). Начальнік штаба атрада – Максімовіч Рыгор (да вайны дырэктар Туроцкай сямігодкі, з 1947 па 1948 год загадчык Любанскага аддзела адукацыі). Атрады ўваходзілі ў склад партызанскай брыгады № 125 імя Панамарэнкі. Штаб брыгады знаходзіўся на востраве Зыслаў (камандзір Далідовіч Аляксандр).
Аўтобус спыняецца ля памятнага знака ў вёсцы Красная Паляна. Гэта месца знакаміта тым, што праз месяц з пачатку Вялікай Айчыннай вайны тут адбыўся сход актыву нашага раёна. У сваім дакладзе пра задачы, якія патрэбна вырашаць па арганізацыі партызанскага і падпольнага руху, выступіў сакратар Мінскага падпольнага абкама партыі Васілій Казлоў. Даручэнне арганізаваць падпольную дзейнасць моладзі ў барацьбе з ворагам атрымалі Адам Майстрэнка і Феня Конанава. Уважліва слухалі вучні, як тут восенню 1941 года, падчас вяртання з чарговага задання з г.Асіповічы, трапіў ў палон карнікаў паранены сакратар абкама партыі Брагін Аляксей. У час допыту ў вёсцы Турок зрабіў спробу вырвацца з палону, але аўтаматная чарга ворага скасавала яго жыццё ў трыццацішасцігадовым узросце.
У гістарычным музеі “Сосны мае, Сосны” дзеці даведаліся, што 95 гадоў таму назад упершыню ў рэспубліцы на асушаных балотах быў заснаваны саўгас “10 год БССР”. За руплівую і самаадданую працу ў саўгасе шэсць Герояў Сацыялістычнай Працы, шмат ардэнаносцаў. У 1967 годзе саўгас ўзнагароджаны ордэнам Леніна. Дырэктарам саўгаса ў тыя гады працаваў Кавалеўскі Мікалай Захаравіч, удзельнік Вялікай Айчыннай вайны, якому за высокі прафесіяналізм прысвоена званне заслужаны ветурач БСС. Шмат увагі ўдзелена было выпускнікам школы, якія дасягнулі значных поспехаў у сваёй прафесійнай і творчай дзейнасці. Многія ўзнагароджаны ўрадавымі ўзнагародамі.
Каля памятнага знака, устаноўленага настаўнікамі і вучнямі ў цэнтры аграгарадка, мы ўшанавалі памяць мясцовых жыхароў, якія змагаліся з ворагам у гады вайны. У Соснах на мемарыяльнай дошцы высечана, што 11 красавіка 1944 года атрады партызанскай брыгады № 125 імя Панамарэнкі разграмілі нямецкі гарнізон.
Наступным прыпынкам для нас стаў музей меліярацыі ў вёсцы Камуна. Мы пазнаёміліся з гісторыяй меліярацыі ў нашым краі ад экспедыцыі Іосіфа Жылінскага да сённяшніх дзён. Падрабязна даведаліся пра арганізацыю і дзейнасць калгаса БВА. Падчас аповеду чыталіся ўрыўкі з паэмы “Над ракой Арэсай”. Прыгадалі, што першы меліярацыйны канал капалі больш за тысячу землякопаў, сярод іх Пятро Брагінец, які за светавы дзень выкінуў рыдлёўкай 105 кубоў грунту. Адказная за працу гэтага музея Сулім Лідзія прэзентавала жыццёвы і працоўны шлях першых камунараў: Эмануіла Модзіна, Цімафея Анісімава, Зміцера Каленчанка (дзеці здымалі кадры на свае мабільныя тэлефоны, каб дома паказаць бацькам).
Заключным этапам вандроўкі быў расказ каля памятнага знака з нагоды заснавання ў вёсцы Камуна чырванаармейскай Камуны ў 1929 годдзе і стагоддзя з дня нараджэння першага старшыні Камуны Модзіна Эмануіла, Героя Сацыялістычнай Працы. Працяг размовы адбыўся ля мемарыяльнай дошкі, якая сведчыць, што з 1952 па 1960 год гаспадаркай кіраваў член партыі бальшавікоў з 1917 года, удзельнік трох войнаў, Герой Сацыялістычнай Працы Цімафей Ягоравіч Смірноў.
Вучні асэнсавалі, што пры іх актыўнай грамадзянскай пазіцыі, калі яны будуць памятаць гістарычныя падзеі і людзей, што іх здзяйснялі, нас чакае будучыня, пра якую марыў пясняр беларускага народа Янка Купала, які наведаў наш край пад час творчай камандзіроўкі ў 1933 годзе:
Занімай, Беларусь маладая мая,
Свой пачэсны пасад між народамі!..
А.Вялічка, кіраўнік гістарычнага музея “Сарачы”
раскрыть » / « свернуть